Бітва пад Лоевам (1649)

бітва ў 1649 року ў часе казацкай вайны (1648—1654)

Бі́тва пад Ло́евам — бітва, якая адбылася 31 ліпеня 1649 году пад Лоевам у час казацкай вайны. Войска Рэчы Паспалітай перамагло (разграміла) казацкае.

Бітва пад Лоевам. Медзярыт, 1720 год

Колькасьць і склад войскаў

рэдагаваць

Войска РП пад кіраўніцтвам польнага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла паводле розных дасьледчыкаў налічвала 6965[1] або 7301[2] чалавек. Паўстанцкае войска вёў наказны казацкі гетман. З-за адсутнасьці пісьмовых крыніц немагчыма дакладна вызначыць колькасьць казацкага войска. Але прыблізна яно мела ня менш як трохразовую перавагу па колькасьці, але горшую падрыхтоўку і ўзбраеньне (Кіеўскі, Чарнобыльскі і Оўруцкі палкі кавалерыі). Акрамя таго, раней у сутоках Дняпра і Сажа насупраць Лоева ўмацаваўся Чарнігаўскі полк пяхоты С. Пабадайлы (прыкладна 6 тыс. чалавек).

Ход бітвы

рэдагаваць

Януш Радзівіл асабіста сачыў за ўмацаваньнем лягера, загадаў узьвесьці валы. Лягер атачылі чатырма шэрагамі вазоў.

Калі першыя віжы заўважілі казакаў, літоўскі стражнік Рыгор Мірскі атрымаў загад рыхтаваць харугвы і выступаць. Сам Януш Радзівіл застаўся на перадпольлі на ўмацаваньні грэблі — галоўнай пераправы праз Лоеўку.

Крычэўскі не паслухаўся волі казацкай старшыны і спадзяваўся зьнянацку разьбіць стан Радзівілавага войска. А дзявятай зь лясоў вылецела маланкай каля 10 000 казацкай коньніцы. Але казакі ня здолелі добра пашыхтавацца, мясцовасьць вакол грэблі была забалочаная. Гэта стварыла цяжкасьці.

Частка Кіеўскага палка наблізілася да грэблі. Але фронт наступу быў вельмі вузкі. Казакі былі вымушаныя шыхтавацца глыбока. Большасьць соцень, наўпрост, не магла ўдзельнічаць у баі. Чарговыя аддзелы на полі толькі стварылі больш сумятні. Момант нечакансьці зьнік. Януш Радзівіл пасьпеў у апошнюю хвіліну забясьпечыць абарону грэблі. Да падыходу галоўных сіл гэта мусілі рабіць харугва вугорскай пяхоты Яна Юшкевіча і харугва польскай пяхоты Пятра Падлецкага (разам каля 400 чалавек). Пяхота з мушкетаў расстраляла першыя шэрагі. Атака казакаў захлынулася. Але яны здолелі адступіць.

Пакуль дым ад мушкетаў расьсейваўся, бакі рыхтаваліся да далейшых дзеяньняў.

Некалікі соцень Кіеўскага палка сьпешыліся і зьбіраліся выбіць радзівілаву пехоту. Іншыя з рыдлёўкамі хацелі акапацца перад грэбляй, каб прыкрываць агнём. Але абаронцы грэблі ўдала контратакавалі і выбілі казакаў зь перадпольля. Пад мушкетным агнем на адкрытай ��ясцовасьці казакі ня здолелі прасунуцца далей.

У той час на дапамогу пяхоце падасьпела прыдворная казацкая харугва Януша Радзівіла (каля 150 шабляў на чале з Лукашам Хадаркоўскім) — элітны аддзел, ставіліся вышэй чым княжыя гусары. Князь Януш Радзівіл асабіста павёў сваіх жаўнераў. Блізка да непрыяцеля князь спыніўся і далей Хадаркоўскі зьмёў лабавыя казацкія шыхты, якія пешкі змагаліся за грэблю, далей нанёс удар па харугвах Крычэўскага. З-за колькасьці ворага, Хадаркоўскі быў вымушаны адступіць, але зь мінімальнымі стратамі.

Такім чынам Януш Радзівіл затрымаў час і ня даў казакам вольна разгарнуцца на полі.

Далей Януш Радзівіл зрабіў рызыкоўны крок — за раку перабраліся роты гусараў і стаялі гатовыя атакаваць правы флянг непрыяцеля. Камандаваў гусарамі Павел Невяроўскі. Магчыма гэта былі роты Караля Глябовіча (150 дзідаў), Аляксандра Палубінскага (100 дзідаў), палова харугвы Януша Радзівіла (91 дзіда), палова харугвы Багуслава Радзівіла (75 дзідаў), рота Вінцэнта Гасеўскага (120 дзідаў). Разам 536 дзідаў, гэта значыць 480 гусараў. Януш Радзівіл прывёў на правы бок Лоеўкі астатнія тры аддзелы кавалерыі. З правага флянгу казацкімі і драгунскімі харугвамі камандаваў стольнік ВКЛ Вінцэнт Гасеўскі.

Першымі рушылі ў атаку гусары. Яны разьбілі дзідамі казацкія шыхты за грэбляй. А далей з шаблямі разьбілі Кіеўскі полк. Усё правае крыло войска Крычэўскага ўроссып пахавалася ў лесе над Дняпром і пачалі абстрэльваць гусараў. Гусарскія шэрагі пачалі ламацца і адступаць. Відавочна баракавала сілаў (600 супраць 4000—5000).

У гэты час у атаку пайшло правае крыло войска Януша Радзівіла. Казакі адступілі ў лясок, пачалі перастрэлку і зблыталі шэрагі літоўцаў. Гасеўскі таксама быў вымушаны адступіць.

На гэты мамант страты былі невялікія: крыху больш за дзесяць забітых літоўцаў і некалькі дзясяткаў сярод казакаў.

Гусарскія роты на левым крыле, неразумна кінуўшыся ў пагоню малой жменяй супраць большай колькасьці казакаў, занадта аддаліліся ад грэблі і адкрылі свой флянг. Крычэўскі, выдатны камандзір, увесь час кантраляваў ход бітвы. Ён заўважыў хібу гусарскіх шыхтоў і рушыў сваім левым флянгам, каб абысьці, акружыць і атакаваць іх ззаду.

 
Па бітве. З габэлена XVIII ст.

У гэты час некалькі казацкіх соцень таемна сярод зарасьцяў і прыбярэжных балот каля Лоеўкі падкраліся блізка да пяхоты, што сьцерагла грэблю. Апынуўшыся побач зь літоўскімі пазыцыямі, казакі кінуліся з шаблямі на застаных зьнянацку пехацінцаў Падлецкага, тыя ня здолелі ўжыць стрэльбы, аднак не саступілі. Разгарэўся зацяты рукапашны бой. Казакі пачалі перамагаць, але на дапамогу падасьпеў Рэйнгальд Тызенгаўз зь нямецкай пяхотай і Нольдэ з драгунамі літоўскага стольніка Вінцэнта Гасеўскага. Казакаў адкінулі і абаранілі пераход цераз грэблю.

Аднак атака левага казацкага крыла на адкрыты флянг гусараў мела посьпех і прывяла да крызісу ў бітве. Адначасова запарожцы Крычэўскага селі на коней і атакавалі літвінаў сьпераду. Сілаў у гусараў было занадта мала, каб даць адпор, ім прыйшлося адступаць.

Літоўская кавалерыя зьведала вялікія страты ад казацкіх атакаў з усіх бакоў і адступала за Лоеўку.

Літоўскае войска было разагнанае. Януш Радзівіл зьбіраўся атабарыцца і адступаць, абараняючыся, да Рэчыцы. Выглядала на тое, што ён прайграў бітву.

Але нечакана ў тыл казакам ударылі аддзелы С. Камароўскага і А. Паўловіча (1200 коньнікаў), якія вярталіся з дазору з-пад Брагіна. Казацкае войска было расьсечана. Левае крыло разьбіта. Правае на чале з Крычэўскім з боем адышло ў лес, спусьцілася ў даліну Дняпра і замацавалася.

Сказыстаўшыся адыходам Крычэўскага, Радзівіл разьбіў казакоў Пабадайлы, што перапраўляліся на правы бераг Дняпра. Потым Радзівіл атакаваў казацкі абоз і пяхоту. Крычэўскі выслаў на дапамогу коньнікаў, але тыя вымушаныя былі адступіць.

Напрыканцы дня войска РП тройчы спрабавала штурмаваць лягер казакаў, але са стратамі вымушана было адступіць на ноч у свой лягер. Скарыстаўшыся тым, рэшта казацкага войска адступіла на Чарнігаў і Кіеў.

Казакі пацярпелі цяжкую паразу. Страцілі больш за 10 тыс. чалавек. Крычэўскі, цяжка паранены і пакінуты казакамі каля лягера, трапіў у палон і неўзабаве памёр. Урадавае войска таксама панесла значныя страты: каля 1700 шляхты і наёмнікаў палегла. Радзівіл адыйшоў да Рэчыцы. Такім чынам не атрымалася нанесьці ўдар у тыл асноўнаму войску Хмяльніцкага.

  1. ^ Сагановіч Г. М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. С.55.
  2. ^ Энцыклапецыя ВКЛ

Літаратура

рэдагаваць
  • Сагановіч Г. М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. / Пад рэд. Г. В. Штыхава. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.: іл. ISBN 5-343-01244-3.